Топ-5 кніжных юбілеяў года

Настаў 2018 год. Тое, з якім духоўным багажом мы рушым у гэты прамежак часу, залежыць ад кожнага з нас. Мы можам і павінны зрабіць сваю культуралагічную прастору прыгожай, велічнай і змястоўнай. Пагатоў, душа заўсёды прагне інтэлектуальнай патравы. Балазе, гэты год літаральна насычаны пачэснымі датамі. Нагадаем чытачам пра юбілеі надзвычай важных для нашай культуры кніг. 
1. "Беларусы"
115 гадоў таму, у 1903 годзе, быў выдадзены першы том знакамітай працы ўраджэнца вёскі Лаша Гродзенскага павета Яўхіма Карскага. Гэтую энцыклапедыю беларусазнаўства сучасныя даследчыкі лічаць найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі свайго часу. Абагульніўшы этнаграфічныя даследаванні ХІХ стагоддзя, навуковец здолеў абгрунтаваць нацыянальную самабытнасць беларусаў і засведчыць, што наш народ мае багатую і арыгінальную культуру і старажытныя традыцыі.
 
2. "Жалейка" 
 110 гадоў таму, у 1908 годзе, убачыў свет першы зборнік Янкі Купалы. Кнігу маладога паэта выдала пецярбургская суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца” неверагодным, як па цяперашніх часах, накладам 4300 асобнікаў. У ліку 95 яе вершаў быў і праграмны “А хто там ідзе?”, перакладзены затым больш чым на 80 моў. Крытык Леў Клейнбарт адзначыў, што “Жалейка” адлюстроўвала нацыянальны ўздым тагачаснага грамадства. Пры гэтым, паэтычная кніга мела няпросты лёс – яна двойчы канфіскоўвалася царскімі ўладамі.
 
3. "Беларуская граматыка для школ" 
100 гадоў таму, у 1918 годзе, кандыдатам філалогіі Петраградскага ўніверсітэта Браніславам Тарашкевічам была выдадзена кніга, якая адкрыла новую эпоху ў развіцці беларускай літаратурнай мовы — першая яе граматыка. Выданне ўбачыла свет у Вільні ў друкарні Марціна Кухты пад эгідай Беларускага камітэта, прычым адразу ў двух варыянтах – лацінкай і кірыліцай.
Пра станаўленне ўніфікаванай літаратурнай мовы стваральнік граматыкі пісаў: “Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае месца ў нашым пісьменстве… Трэба было часу, каб само жыццё паказала, якая гутарка мае найбольш сілы і здатнасці на тое, каб зрабіцца асновай літаратурнай мовы. Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе, якія толькі ёсць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасці”. Тарашкевіч даў літаратурнай мове граматычнае афармленне і ўнармаваны правапіс.
 
4. "Новая зямля" 
95 гадоў назад, у 1923 годзе, убачыла свет знакамітая паэма Якуба Коласа – першы ў нашай літаратуры буйны эпічны твор, за якім трывала замацавалася і назва “Энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства”. Класік пачаў пісаць паэму ў той час, калі рыхтавалася сталыпінская аграрная рэформа, і гісторыя твора непасрэдна звязана з тым, як вырашалася зямельнае пытанне ў Расійскай імперыі і пазней у СССР.
 
 
 
 
 
 
 5. "Каласы пад сярпом тваім" 
50 гадоў таму, у 1968 годзе, быў выдадзены велічны раман ураджэнца аршанскай зямлі, “рыцара беларускіх замкаў” Уладзіміра Караткевіча. Гэтую кнігу па праве называюць галоўнай у творчасці пісьменніка: у ёй узноўлена шырокая панарама жыцця беларускага народа, перададзеная атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання 1863 года. Асэнсоўваючы падзеі ХІХ стагоддзя, пісьменнік задумваецца пра гістарычны лёс Беларусі.
Юбілей – гэта цудоўная магчымасць азірнуцца назад і пачаць больш сур’ёзна цікавіцца сваёй спадчынай. Бо, як сказаў славуты Уладзімір Караткевіч: “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. А галоўнае для нас, беларусаў – зямля і неба Бацькаўшчыны. Дык будзем насіць сваё неба з сабой. Ля сэрца. 
Аўтар: Канстанцін Карнялюк. 
Крыніца: "Культура" 
Поделиться
  • Республика Беларусь
    г. Гродно ул. Терешковой, 28

  • +375 152 771401

  • +375 152 721365

  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.