Літаратурна-творчая сустрэча "Твае яскравыя словы..."

Печать

23 сакавіка студэнты 1 курса факультэта ветэрынарнай медыцыны і 2 курса інжэнерна-тэхналагічнага факультэта сталі ўдзельнікамі літаратурнай праграмы “Твае яскравыя словы…”, прысвечанай Сусветнаму дню паэзіі, які адзначаўся 21 сакавіка і пад знакам якога праходзіў увесь гэты тыдзень. Нездарма паэзію называюць каралевай літаратурнага мастацтва і адным з самых геніальных дасягненняў чалавецтва.

Арганізатарамі гэтага літаратурнага свята выступілі супрацоўнікі бібліятэкі разам з аддзелам па выхаваўчай рабоце сярод моладзі.
Паэзія – гэта асобная сцяжынка літаратурнай творчасці, адлюстраваная рознакаляровымі гранямі мудрага, пранікнёнага слова, яскравым светам душы і шчырасцю сэрца паэта, што прагучалі пад час правядзення мерапрыемства і на якім адбылася чарговая творчая сустрэча студэнтаў з паэтамі Гродзеншчыны. У гэты раз імі сталі толькі пачынаючыя нашы маладыя паэты, амаль равеснікі студэнцкай аўдыторыі – Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская. Яны пакінулі аб сабе самыя добрыя ўражанні ўсіх прысутных. У зале гучалі паэтычныя радкі нашай роднай беларускай мовы, што было вельмі прыемна чуць іх ад саміх аўтараў. І гэта падкрэслівала галоўную мэту літаратурнай праграмы: адзначыць асаблівасць і непаўторнасць паэтычнага беларускага слова, бо у кожнага народа ёсць свае творцы, свае паэты, ёсць яны і на нашай гродзенскай зямлі.
Шчырыя словы ўдзячнасці былі выказаны удзельнікамі літаратурнага свята ў адрас нашых гасцей, маладых творцаў. “Як жыватворнай расою падпіталі мы свае душы прыгожым і трапяткім словам, калі слухалі цудоўныя вершаваныя радкі вытанчанай, добрай і светлай паэзіі, асабліва на роднай мове, ад гэтых юных дзяўчат”, – такі водгук можна было пачуць ад удзельнікаў сустрэчы.
А самым актыўным прыхільнікам паэзіі сярод нашых студэнтаў пашчасціла ўзяць аўтографы маладых паэтэс, а ў знак пашаны і ўдзячнасці, з добрымі пажаданнямі далейшых творчых дасягненняў, поспехаў ад усіх удзельнікаў літаратурнага свята яны падаравалі ім кветкі. У сваю чаргу Вікторыя Смолка і Аліна Паўлоўская прэзентавалі нашай бібліятэцы адны з першых сваіх паэтычных зборнікаў, што стала добрай прыкметай на далейшыя сустрэчы з іх новымі вершамі і творамі.

 Надзея Хадатчук,
дырэктар бібліятэкі