…І Скарыны прадмовы — перад светам усім!

Печать

   Апошні дзень восені для нашай бібліятэкі выдаўся надзвычай асаблівым. У рамках святкавання 500-годдзя

беларускага кнігадрукавання, у памяшканні Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі ім. Я.Ф. Карскага, нам была перададзена ў дар калекцыя (21 том) узноўленых факсімільных выданняў «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны»! Такія ж выданні атрымалі і ўсе бібліятэкі Гродзенскай вобласці.

     Праект узнаўлення гэтых кніг рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ва ўрачыстай абстаноўцы яе ўручыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і адзін з ініцыятараў праекта – прафесар, доктар педагагічных навук Раман Сцяпанавіч Матульскі.
     З гэтай нагоды, пад час правядзення дзён інфармацыі і выставы новых паступленняў з 5 па 7 снежня бібліятэка прадставіла і прэзентавала сваім чытачам новую кніжную калекцыю скарынаўскіх выданняў, паступіўшых у фонд. 6 снежня актыўны ўддзел у гэтым мерапрыемстве прынялі студэнты першага курса агранамічнага факультэта, ім давялося першым азнаёміцца і разгарнуць старонкі гэтых кніг, дакрануцца да спрадвечнага. Францыск Скарына пакінуў нам кнігі, у якіх засталіся самыя выпакутаваныя яго думкі. Гэтыя кнігі славутага беларуса, першага друкара, асветніка і гуманіста ўспрымаюцца сёння, як духоўны скарб, як нацыянальная рэліквія. Запавет нашчадкам даносіцца да нас з XVI стагоддзя: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы.”
     На прэзентацыі студэнтам былі ўзгаданы старонкі гісторыі стварэння першых кніг і найбольш вядомыя факты жыцця і дзейнасці нашага суайчынніка, які прадставіў кнігу, як крыніцу святла, мудрасці, дабрачыннасці і ведаў. Ён праславіў нашу краіну і першы паказаў узор кніжнага майстэрства усім ўсходнеславянскім народам, першы імкнуўся зрабіць свае кнігі даступнымі і зразумелымі простым людзям: “…ЛЮДЕМЪ ПОСПОЛИТЫМ К ДОБРОМУ НАВЧЕНИЮ”.
У прэзентацыі прыняў уддзел дацэнт кафедры грамадскіх навук В. У. Галубовіч, які пазначыў, што, каб берагчы ў памяці наказы асветніка і творцы Францыска Скарыны, маладым людзям трэба набываць веды, якія дапамагаюць быць дасканалымі, мудрымі і здейсніць свой асабісты подзвіг, добрымі справамі ўзбагаціць сваё жыццё. І як сказаў беларускі празаік, драматург і сцэнарыст Вячаслаў Адамчык: “За Скарынаю стаіць яшчэ нераспазнаны і неацэнены да канца свет яго разнастаўнай дзейнасці і ведаў, але тое, што мы спасягнулі, што дайшло да нас і да чаго мы прычыніліся, ужо дазваляе нам падаць руку роўнасці ўсведамлёнай і культурнай Еўропе. … З намі гордыя словы назаўжды, назусім. І Скарыны прадмовы – перад светам усім!”
     Такімі словамі завяршылася прэзентацыя, якая была падрыхтавана і арганізавана супрацоўнікамі бібліятэкі і аддзелам па выхаваўчай рабоце сярод моладзі.