У першы дзень вясны, ў рамках мерапрыемстваў прысвечаных Году Кнігі, прайшло чарговае паседжанне літаратурна-музычнай гасцінай “Святліца”, з удзелам знакамітай паэтэсы Гродзеншчыны, старшынёй Гродзенскага абластнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людмілай Кебіч.
Сустрэча праходзіла ў канферэнц-зале галоўнага корпуса, на якой прысутнічалі студэнты адной з груп 1 курса агранамічнага факультэта (куратар Зверынская Н.І.) і дзве групы 2 курса факультэта ветэрынарнай медыцыны (куратары Будзько Т.Н., Валошын Д.Б.). На сустрэчы была падкрэсліна знакавасць правядзення Года Кнігі ў Беларусі, які праходзіць з мэтай пашырэння ролі кнігі, мастацкага слова ў жыцці кожнага з нас, а таксама развіцця і прапаганды беларускай літаратуры і культуры.
Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году Кнігі, з якімі пазнаёміла студэнтаў дырэктар бібліятэкі Надзея Пятроўна Хадатчук, рыхтуе і наша бібліятэка: кніжныя тэматычныя выставы, агляды літаратуры і літаратурныя вечарыны, сустрэчы з пісьменікамі і паэтамі, дзеячамі культуры гродзенскага краю і інш.
Адна з такіх сустрэч і адбылася 1 сакавіка.
У пачатку свайго выступлення перад студэнтамі Людміла Антонаўна Кебіч расказала аб дзейнасці Гродзенскага аддзялення пісьменнікаў, аб іх творчасці і аб планах правядзення мерапрыемстваў у Год Кнігі, у тым ліку і аб правядзенні, на працягу года, многіх літаратурных акцый. Людміла Антонаўна адзначыла, што сімвалічным з’яўляецца і гэтая сустрэча з нашымі студэнтамі, таму, што менавіта з 1 сакавіка і да 1 лістапада бягучага года, Гродзенскае абласное аддзяленне “Саюз пісьменнікаў Беларусі” абвясціла правядзенне ва ўсіх навучальных установах горада літаратурнай акцыі «Вялікае чытанне», да ўдзелу ў якой, запрашаюцца і ўсе жадаючыя. Акцыя праводзіцца з мэтай далучэння насельніцтва да лепшых узораў класічнай беларускай літаратуры і для чытання прапануецца знакамітая паэма Я. Коласа “Новая зямля”. А ў лістападзе адбудзецца вялікі “Адкрыты ўрок”, на які будуць запрошаны студэнты і на якім твор будзе абмеркаваны і прааналізаваны ў адпаведнасці з сёняшнім днём, літаратуразнаўцамі. Потым, Людміла Антонаўна пазнаёміла прысутнічаючых са сваімі вершамі і літаратурнай дзейнасцю. У зале гучалі словы роднай беларускай мовы, чыталіся вершы ў выкананні самой паэткі. На працягу сустрэчы студэнты пазнаёміліся з новымі вершаваннымі зборнікамі Людмілы Кебіч, якія былі выдадзены за апошні час. Непадкупны лірызм яе вершаў, прастата і яскравасць літаратурнага паэтычнага радка, які перадае асобы строй душы, яе ўзнёсласць і талент аўтара не пакінулі раўнадушнымі нікога з прысутных. Не з дарма многія з вершаў паэтэсы пакладзены на музыку нашымі гродзенскімі і беларускімі кампазітарамі.
На завяршэнні сустрэчы лісткі з апошнімі вершамі і аўтографамі паэтэсы былі разданы студэнтам, а бібліятэка атрымала ў падарунак ад аўтара літаратурны альманах “На Нёманскай хвалі” выпуск № 2, Гродзенскага аддзялення пісьменікаў.
У знак удзячнасці, з пажаданнямі новых творчых поспехаў і новых сустрэч з паэтэсай і яе творамі, студэнты паднеслі кветкі Людміле Антонаўне.